UR.ANUS
Ciвая легенда
вернуться

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, – гэта трохі прымірае.

На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.

– Хто ідзе?

– Святы Юры і Русь, – сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.

– Дзякуй богу, – стаў жагнацца вартаўнік брамы. – Чакалі вас.

Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.

Нас сустрэў сам гаспадар – рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты.

Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад – здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, – але я спешыўся і сам павёў каня.

Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.

Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечы, вочы, як у вар’ята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная.

– Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, – сказаў ён, – у мяне вялікая бяда.

І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жыллё, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.

Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: “Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве”.

Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.

Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.

На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.

– Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?

Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.

Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзесяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros [2] .

А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх – хоць год сядзі.

2

Замкавых вартаўнікоў і бамбардных майстраў

І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.

– Нядрэнна, – сказаў я, – але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.

– Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.

– Адчайныя і кончаныя душы, – сказаў я, – але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.

Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.

– Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.

– Нельга мужыкоў, – амаль ускіпеў ён. – Іх зусім не будзе.

Я паціснуў плячыма:

– У чым усё ж справа, гаспадар?

– Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?

– Год, – суха сказаў я, – год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.

– Цхакен, праяцель, – сказаў ён трохі мякчэй, – я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.

– Дык хто ўсё ж ткі ідзе?

– Хамы ідуць.

Мне спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.

– Хамы ідуць, – паўтарыў ён.

– Гэта не вельмі страшна, – сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.

– Ты не бачыў іх у Віцебску, – сказаў ён, – калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.

– Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.

– А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.

– Сорак міль па рацэ адсюль, – усміхнуўся я. – Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?

– Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

– І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

– Гэта горш, – ён пачынаў злаваць.

– Чаму?

– Таму што сёння ў іх ёсць галава.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid